2674
Днямі даўні знаёмы звярнуўся да мяне з просьбай. Ён хоча, каб я дапамог яму атрымаць банкаўскую картку, а потым і навучыў карыстацца гэтым пластыкам у банкаматах, інфакіёсках ці яшчэ дзе-небудзь… Заўважу, што сябар мой заўсёды быў упартым кансерватарам і прызнаваў толькі папяровыя грошы. Да апошняга часу такая адмова ад фінансавай цывілізацыі яго ўвогуле не турбавала, бо ўжо 20 гадоў ён працуе ў рамонтнай брыгадзе «шабашнікам», дзе атрымлівае выключна «жывыя» грошы. А тут у яго родным Фрунзенскім раёне Мінска мясцовыя аддзяленні Беларусбанка перасталі прымаць плацяжы за «камуналку», тэлефон, за дзіцячы садок сына і ўвогуле за ўсё, што тычыцца сістэмы АРІП. Толькі пасля таго, як хлопца сур’ёзна прыціснула, ён быў вымушаны пасябраваць з гэтай дзіўнай карткай.
Галоўнае — не баяцца
Калі недзе пяць гадоў таму я атрымаў сваю першую картку, то адразу нават разгубіўся. Спачатку мне здавалася, што банкамат «не зразумее» ўведзены пін-код і заблакіруе картку, што гэтая «жалязяка» спіша з рахунку ўсе грошы, а выдасць толькі частку з іх. Нічога страшнага не адбылося — і праз некалькі месяцаў пачаў разлічвацца карткай у крамах і інфакіёсках. Менавіта апошнія «разумныя машыны» канчаткова пераканалі мяне амаль цалкам адмовіцца ад карыстання наяўнымі грашыма.
Адразу ў інфакіёсках я плаціў за мабільны тэлефон і па сістэме АРІП за камунальныя паслугі. Ужо тады гэта сур’ёзна спрасціла мне жыццё, бо калі іншыя наведвальнікі банкаў адстойвалі вялікія чэргі, я спакойна «разбіраўся» з алгарытмам самастойнай аплаты ў поўнай адзіноце. Потым спіс магчымасцяў сістэмы гэтай разліковай прасторы павялічыўся, і я пачаў плаціць у інфакіёску за дзіцячы садок, школьныя факультатывы, па крэдытах, а таксама падаткі і іншыя аднаразовыя выплаты. Сёння ўсе гэтыя пазіцыі захаваны ў памяці маёй карткі, таму аплачваю я іх на працягу ўсяго некалькіх хвілін.

Гатоўку не згубіш, калі яе няма
У мяне, як і ў большасці звычайных мужыкоў, дробныя грошы заўсёды ляжалі ў кішэні. А там бывае яшчэ шмат чаго: напрыклад, ключы, тэлефон і г. д. Потым ты дастаеш гэтае «шмат чаго», а грошы пераўтвараюцца ў камякі і імкнуцца выскачыць і знікнуць. А месца для пластыку зарэзервавана заўсёды ў партманэ, побач з іншымі карткамі (дысконтныя ад розных крам, праязны, абанемент…), таму згубіць яго значна цяжэй.
Мне здаецца, што разлік карткай у крамах значна спрошчвае гэту працэдуру, бо пакупніку не трэба доўга шукаць неабходныя купюры, а прадаўцу — падлічваць вам рэшту. Наконт падліку рэшты асобная размова. Не кожны з нас імгненна выканае гэтыя простыя аперацыі, таму існуе верагоднасць і не заўважыць памылку прадаўца. Безнаяўныя разлікі падобную памылку ліквідуюць як клас.
Картка дысцыплінуе і арганізуе
На першым этапе карыстання пластыкам я даволі асцярожна і скрупулёзна кантраляваў алгарытм сваіх дзеянняў ля банкаматаў і ў крамах. Недзе праз чатыры месяцы асцярожнасць «замылілася», і я забыў картку спачатку ў банкамаце, а потым і ў інфакіёску. Картку мне вярнулі ў першым выпадку праз гадзіну, а ў другім — толькі пасля выхадных у панядзелак. Менавіта нервовыя выхадныя «перапраграмавалі» маё стаўленне да такога электроннага кашалька. Цяпер ужо ніхто маю ўвагу не пераключыць да таго часу, пакуль каштоўны пластык зноў не будзе ў маёй руцэ.
Ёсць меркаванне, што безнаяўныя грошы трацяцца значна лягчэй, бо мы іх у руках не трымаем. Таму здаецца, што магазін атрымлівае ад пакупніка не рэальныя каштоўныя паперы, а толькі нейкія віртуальныя лічбы. Так сапраўды бывае, але толькі на першым этапе карыстання безнаяўнымі грашыма.
Пасля таго, як некалькі разоў грошы з карткі знікаюць раней, чым вы планавалі, тады пачынаеш успамінаць і аналізаваць, што ты купляў. Каб падобная сітуацыя ўвогуле больш не паўтарылася, я, напрыклад, склаў у сваёй галаве спіс тавараў і паслуг, якія вырашу набываць ці аплачваць толькі ў выключных выпадках. Туды трапіла тое, што мне, па сутнасці, не вельмі і трэба, або тое, што нашай сям’і не зусім сёння па кішэні. Атрымліваецца крыху сумна, але сумленна.
Больш за тое, пэўныя віды ўніверсальных банкаўскіх картак прымушаюць іх уладальнікаў траціць грошы больш выбарачна або ўвогуле не «шыкаваць». Аб гэтым крыху пазней.
Грошы — самы брудны «прадукт»
Перад маімі вачыма пацёртая банкнота наміналам 20 тысяч рублёў. Далёка не свежая замасленая папера, у якой нават пах не самы лепшы. Цікава, а праз колькі рук яна прайшла? Заўважу, што часам не самых чыстых рук. Так, мабыць усе ведаюць, што пасля кантакту з грашыма рукі трэба абавязкова памыць, але ці заўсёды нават мы, дарослыя, гэтае правіла выконваем? А дзеці да яго ставяцца часам увогуле несур’ёзна.
Між іншым, мабыць большасць бацькоў сваім малым дае кішэнныя грошы. А вось я сваім папяровыя грошы не даю. Старэйшай дачцэ мы аформілі ўніверсальную банкаўскую картку, якая далучана да майго банкаўскага рахунку. На гэтай дадатковай картцы ёсць пэўны ліміт сродкаў, якія яна можа патраціць, але і тут з майго боку існуе кантроль. Калі наша старшакласніца робіць чарговую пакупку, то ўся інфармацыя аб гэтым трапляе на маю электронную пошту.
Выкарыстанне карткі ў якасці кашалька для школьніцы «забівае» ў нашым выпадку адразу некалькі зайцоў. У яе заўсёды ёсць грошы на ўсялякі выпадак, пакупкі адсочваюцца, а галоўнае, што страўнік здаровы, бо рукі чыстыя. Крыху з логікай закруціў, але гэта так.
Не толькі траціць, але і зарабляць
Сёння бадай усё дарослае насельніцтва нашай краіны атрымлівае свае даходы па картках. Работнікі маюць зарплатныя карткі, пенсіянеры, адпаведна, — пенсійныя. Студэнты лічацца ўвогуле актыўнымі карыстальнікамі ўсяго новага, таму яны маюць не толькі абавязковы пластык для стыпендыі, але і іншыя банкаўскія прадукты.
Таму і я набыў для сваёй сям’і некалькі такіх універсальных картак класа «прэміум». Як і ўсе калегі, я атрымліваю заробак на зарплатную карту, але потым не здымаю яго гатоўкай, як гэта робіць большасць насельніцтва, а перакідваю гэтыя грошы на прэміяльную картку, распрацаваную адным камерцыйным банкам у сістэме «БелКарт». На нашых універсальных картках дзейнічае не толькі ашчадная сістэма захоўвання грошай, калі на сродкі такога рахунку налічваецца працэнт, як па дэпазітах, але па ёй дзейнічае функцыя кэш-бэк. Сутнасць гэтай функцыі ў тым, што чым больш кліент разлічваецца такой карткай у крамах, тым большую суму банк потым вяртае ўладальніку пластыку. Памер такога кэш-бэку складае ад 0,3 да 3% ад аб’ёму патрачаных грошай. Нехта можа казаць, што гэта не грошы, а нейкія слёзы. Няхай, толькі ад наяўных банкнот у кішэні ўвогуле ніякага прыбытку няма.
Толькі ў мінімальных памерах
Нельга так катэгарычна казаць, што папяровых грошай у нашай сям’і ўвогуле няма. У нашым «загашніку» заўсёды існуе прыкладна 300–500 тысяч рублёў на ўсялякі выпадак.
Напрыклад, калі раптоўна зламаецца аперацыйная сістэма ў магазіне ці з банкамі і гандлёвымі пунктамі знікне адпаведная сувязь. А дзеткам трэба заўсёды есці па раскладзе. Дарэчы, у школах на патрэбу класа бацькоўскія камітэты збіраюць выключна наяўныя грошы. Па агародніну і садавіну ў сезон мы звычайна ходзім на кірмашы, дзе карткі таксама не ў пашане.
Як інструмент барацьбы з «шэрай» эканомікай
Эксперты сусветнага фінансавага рынку ўпэўнены, што вялікі працэнт наяўных грошай у абарачэнні краіны сведчыць не толькі пра нізкі ўзровень фінансавай адукаванасці насельніцтва, але і пра значны аб’ём сектара ценявой эканомікі, у тым ліку і пра вялікі працэнт карупцыі. Паведамляецца, што нешта падобнае назіраецца цяпер у Італіі, Грэцыі, Мексіцы і нават Расіі.
Зразумела, што думкі экспертаў не з’яўляюцца канчатковым прысудам, аднак прымушаюць задумацца.
На гэты конт дырэктар нацыянальнай плацежнай сістэмы «БелКарт» Аляксандр Сотнікаў выказаў такую думку: «Мне здаецца, што тэарэтычна ў наяўным фінансаванні ёсць толькі адна сумніўная перавага. Гэта ананімнасць. Каму гэта выгадна — пытанне рытарычнае. Усе астатнія цяжкасці — з колькасцю тэрміналаў, або з дрэннай сувяззю і г. д. — паспяхова вырашаюцца. На прыкладзе іншых краін ужо даказана, што безнаяўнае грашовае абарачэнне цалкам пакрывае патрэбу не толькі нацыянальнай эканомікі, але і звычайных людзей».
Пасля ўсяго сказанага Аляксандрам Сотнікавым я ўзгадаў адну не вельмі прыгожую гісторыю, якая адбылася ў невялікім райцэнтры. Студэнтка мінскага ВНУ пазнаёмілася з імпазантным і багатым мужчынам. Але ён быў жанаты, таму дзяўчына стала палюбоўніцай. Камерсант не быў сквапным і аформіў на імя студэнткі банкаўскую картку. Усё было добра да таго часу, пакуль даходамі беспрацоўнай дзяўчыны не пацікавіліся падатковыя інспектары. Яны проста запатрабавалі ў студэнткі дэкларацыю аб даходах па выніках года. Нейкім чынам інфармацыя аб гэтым трапіла і да бацькоў у райцэнтр.
Крыху сумная гісторыя атрымалася, але гэта жыццё, у якім за ўсё трэба адказваць рана ці позна.
А вось мне асабіста ўтойваць няма чаго, таму я і выбіраю картку.
Сяргей Куркач, "Звязда"
Источник: www.zviazda.by