У мудрого человека деньги должны быть в голове, а не в сердце 
Джонатан Свифт

 

 

Отзывы о банках


InfoBank.by – Все банки Беларуси  >  «Пракурор сказаў: усіх у турму». Двум абаронцам мемарыялу Тарайкоўскага пагражае да 10 гадоў зняволення

«Пракурор сказаў: усіх у турму». Двум абаронцам мемарыялу Тарайкоўскага пагражае да 10 гадоў зняволення

Размер шрифта:    Уменьшить шрифт  Восстановить исходный рзмер  Увеличить шрифт 
242

25-гадовая Марыя Бабовіч і 42-гадовы Дзяніс Граханаў трапілі за краты за тое, што спрабавалі аднавіць народны мемарыял Аляксандру Тарайкоўскаму – надпіс на асфальце «Не забудзем». Абодвум выстаўлена абвінавачванне адразу па двух артыкулах крымінальнага кодэксу – арт. 339 (злоснае хуліганства) і арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці). Belsat.eu высвятляў, што вядома пра новых палітвязняў.

Марыя і Дзяніс паміж сабою не знаёмыя. Але яны былі сярод тых неабыякавых людзей, хто ўвечары 9 верасня спрабаваў аднавіць на асфальце каля станцыі метро «Пушкінская» надпіс «Не забудзем» – у памяць пра забойства Аляксандра Тарайкоўскага. Для абодвух гэта скончылася крымінальным пераследам.
 
Развітанне з загінулым падчас пратэстаў Аляксандрам Тарайкоўскім. Станцыя метро Пушкінская, Менск, Беларусь. 15 жніўня 2020 г. Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu
 
«Паступіла ўказанне зверху»

Дзянісу Граханаву 42-гады. Ён працуе барменам у сетцы піўных крамаў «Точка». Паводле блізкіх, актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці ён раней не прымаў, хаця палітыкай заўсёды цікавіўся і меў апазіцыйныя погляды. На ягонай старонцы ў Фэйсбуку можна знайсці пасты пра святкаванне 100-годдзя БНР, абарону Курапатаў ды салідарнасць з Алегам Сянцовым. Сёлета, пасля пачатку выбарчай кампаніі, Дзяніс далучыўся да ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за Віктара Бабарыку, удзельнічаў у пратэстах.
 
Дзяніс Граханаў. Фота з Фэйсбуку
 
«Дзяніс вельмі пазітыўна чалавек. Ён заўсёды казаў: не турбуйцеся, мы пераможам. Маецца на ўвазе, што рэжым будзе зрынуты раней ці пазней. Ён ніколі ў гэтым не сумняваўся. І яшчэ ён быў заўсёды супраць радыкальных метадаў барацьбы – толькі мірныя пратэсты», – распавядае сяброўка Алена.

Акцыя салідарнасці на станцыі метро Пушкінская, дзе загінуў удзельнік пратэстаў. У ёй прынялі ўдзел паслы краін ЕС. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г. Фота: Света Фар / Belsat.eu / Vot-tak.tv
 
Калі міліцыя і камунальнікі пачалі рэгулярна разбураць народны мемарыял Аляксандру Тарайкоўскаму, то Дзяніс прыняў гэта блізка да сэрца.
 
«Дзяніс вельмі сільна перажываў, у тым ліку таму, што гэта ягоны раён, ён побач жыве. І ён 9 верасня вырашыў аднавіць надпіс «Не забудзем». Але нават не паспеў дапісаць, бо амаль адразу прыехаў АМАП. Дзяніс быў на ровары і хутка з’ехаў. Але на наступны дзень, 10 верасня, за ім прыйшла міліцыя. Мяркуючы па ўсім, яго адсачылі па відэакамерах», – кажа Алена.

Дзяніс Граханаў стаў падазраваным па крымінальнай справе аб «злосным хуліганстве». Спачатку яго адвезлі ў Фрунзенскі РУУС, дзе ён правёў ноч. Потым перевезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Але 13 верасня, пасля 72 гадзінаў пад вартай, яго выпусцілі.
 
Дзяніс Граханаў. Крыніца – instagram.com/grekhanovdenis
 
Дзяніс працягваў працаваць у краме, хавацца ці з’язджаць з краіны нават не думаў.
 
«Дзяніс усё ж верыў у законнасць. Ён быў перакананы, што некалькі намаляваных на асфальце літар не могуць прывесці да таго, што чалавека забяруць і будуць трымаць пад вартай, як злачынца, які забіў чалавека. Дзяніс, імаверна, нават уявіць сабе не мог, што такое можа быць».

На мінулым тыдні, 20 кастрычніка, у кватэры Граханава адбыўся ператрус. А яшчэ праз два дні, раніцай 22 кастрычніка, да яго прыйшоў сілавік ў цывільным, паказаў пасведчанне і сказаў, што ён мусіць праехаць з ім для выстаўлення абвінавачвання.
 
«Яго паднялі з ложку, ён нават не паснедаў. Я так разумею, што ён не думаю, што яго могуць арыштаваць. Ён толькі напісаў на працу, што спазніцца, бо яго вязуць у РУУС», – кажа Алена.

Дзянісу Граханаву выставілі абвінавачванне адразу па двух артыкулах крымінальнага кодэксу – ч. 2. арт. 339 (злоснае хуліганства) і ч.2 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці). Максімальнае пакаранне паводле апошняга артыкулу – 10 гадоў зняволення. Следства палічыла, што надпіс на асфальце нанесла шкоду дзяржаўнаму прадпрыемству «Гаррэмаўтадор» у памеры 10 200 рублёў.
 
Дзяніс Граханаў. Крыніца – instagram.com/grekhanovdenis
 
Пасля выстаўлення абвінавачвання, яшчэ ў РУУС, Дзянісу дазволілі пабачыцца з маці. «Выглядаў ён нармальна, стараўся не сумаваць», – успамінае маці Дына Іванаўна.

Дына Іванаўна звяртае ўвагу на тое, што пасля затрымання ў верасні фактычна ніякіх следчых дзеянняў з удзелам Дзяніса не праводзілася цягам месяца. Таму ўсіх здзівіла, што праз месяц яго вырашылі арыштаваць.
 
«Следчы, з якім я гутарыла, сказаў мне, што ён не збіраўся нічога рабіць, але паступіла ўказанне зверху. Новы пракурор (імаверна, маецца на ўвазе Андрэй Швед, які быў прызначаны на пасаду генпракурора ў верасні – заўв. belsat.eu) сказаў: усіх у турму. Калі суд адбудзецца – следчы не ведае, таму што чарга», – кажа яна.

Прыём рэчаў у СІЗА цяпер адбываецца раз на тыдзень. Жодзіна, 16 верасня. Фота: Belsat.eu
 
У панядзелак Дзяніса перавезлі з Акрэсціна ў СІЗА №8 у Жодзіна. 28 кастрычніка маці адвезла яму першую перадачу.

Паводле інфармацыі сяброўкі арыштаванага, на Дзяніса цяпер ціснуць маральна. Але ён не лічыць сябе вінаватым. «Безумоўна, Дзяніс не бачыць у сваім учынку нічога крымінальнага», – кажа Алена.

«Яна казала: усе хочуць пераменаў і я дамагуся іх для ўсіх»
 
Марыя Бабовіч. Фота з сацсетак
 
Марыі Бабовіч 25 гадоў. Яна нарадзілася ў Мазыры, вучылася ў політэхнічным каледжы, пасля два гады адпрацавала страхавым агентам па размеркаванні ў «Белдзяржстраху». Потым пераехала ў Менску, скончыла БДЭУ. Апошнім часам працавала ў кавярні, разам з суседкай здымала кватэру побач з метро «Кунцаўшчына».

Сябры кажуць, што раней Марыя ніколі не цікавілася палітыкай, але гэтым летам актыўна далучылася да пратэстаў.
 
«Мне здаецца, яна на ўсе гэтыя акцыі і дэманстрацыі хадзіла. Яна казала: усе хочуць пераменаў і я дамагуся іх для ўсіх. Вось і дабілася», – кажа яе сяброўка Ганна.

Вечарам 9 верасня Марыя спрабавала аднавіць надпіс «Не забудзем» каля станцыі метро «Пушкінская». Яе затрымала міліцыя, ноч яна правяла ў камеры. Дзяўчына стала фігуранткай справы паводле арт. 339 КК.
 
Ля ст. метро Пушкінская. Менск, Беларусь. 23 верасня 2020 г. Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu
 
Як і Дзяніс Граханаў, больш за месяц яна знаходзілася на свабодзе, ад следства не хавалася. А потым яе арыштавалі і выставілі абвінавачванне адразу паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу (арт. 339 і арт. 218). Следства мяркуе, што надпіс на асфальце нанесла шкоду «Гаррэмаўтадору» на суму больш чым 10 тысяч рублёў.
 
«Мы перапісвалася наконт яе справы (у прамежку паміж першым і другім затрыманнем – заўв. belsat.eu). Яна казала, што цяпер цішыня, нічога не адбываецца. Спадзявалася, што ўсё будзе добра. З’язджаць з краіны дакладна не збіралася. Марыя нават не думала, што яе могуць арыштаваць», – кажа сяброўка Анастасія.

Марыя Бабовіч. Фота з сацсетак
 
«Марыя казала: я ўсё разрулю, ніхто мяне не пасадзіць. Яна на 100% была перакананая ў гэтым», – пацвярджае Ганна.

Як і Граханаў, Марыя Бабовіч цяпер знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА.
 
«Марыя вельмі добры чалавек, яна за ўсіх заўсёды заступалася, абараняла. Бачыце, яна і цяпер пайшла абараняць памяць чалавека (Тарайкоўскага – заўв. belsat.eu), якога нават не ведала», – распавядае Ганна.

Развітанне з загінулым падчас пратэстаў Аляксандрам Тарайкоўскім. Станцыя метро Пушкінская, Менск, Беларусь. 15 жніўня 2020 г. Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu
 
«Я ў шоку. Я не ведала, што ў нас за надпісы на асфальце даюць такія вялікія тэрміны. Марыя вельмі чулы чалавек, заўсёды суперажывала і падтрымлівала ў цяжкую хвіліну. Я з упэўненасцю магу сказаць, што ў яе ўчынку не было злога намеру… Хутчэй гэта была спроба выказаць сваё стаўленне да таго, што здарылася, выказаць спачуванне родным і блізкім загінулага», – дадае Анастасія.

Праваабаронцы: прызнаем гэтых людзей палітвязнямі

 
Валянцін Стэфановіч, фота “Белсат”
 
Намеснік пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч у каментары belsat.eu адзначыў, што ўчынак Бабовіч і Граханава не мае складу злачынства. Паводле праваабаронцы, надпіс «Не забудзем» не выражае непавагі да грамадства, не наносіць шкоду спажывецкім якасцям асфальту. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра выказванне свайго меркавання адносна забойства Аляксандра Тарайкоўскага падчас разгону сілавікамі акцыі пратэсту 10 жніўня.
 
Такім чынам, кажа Стэфановіч, дзеянні Дзяніса і Марыі адназначна падпадаюць пад артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які гарантуе свабоду выказванняў.
 
«Што тычацца кваліфікацыі абвінавачвання па арт. 218 Крымінальнага кодэксу, то гэта звязана з тым, што быў штучна павялічаны памер шкоды, які быццам бы быў нанесены гэтымі дзеяннямі – больш за 10 тысяч рублёў. Канешне, такі памер шкоды выклікае пытанні. Напэўна, за гэтыя грошы можна было палову праспекту Пушкіна зноў заасфальтаваць. Лічу, што гэта за вушы прыцягнутыя лічбы, каб наўмысна зрабіць абвінавачванні больш сур’ёзнымі», – кажа Стэфановіч.

Паводле праваабаронцы, нават калі была нанесена нейкая сімвалічная шкода надпісам «Не забудзем», то гэта не мусіць разглядацца як крымінальнае злачынства. «Ну, спаганіце з іх нейкія капейкі, неабходныя для таго, каб зафарбаваць гэты надпіс на асфальце і ўсё», – кажа ён.
 
«Мы адназначна разглядаем гэты пераслед як палітычна матываваны, прызнаем гэтых людзей палітвязнямі і будзем патрабаваць іх вызвалення», – падкрэсліў Стэфановіч.
  • Аляксандр Тарайкоўскі – першы загінулы падчас пратэстаў у Беларусі, смерць якога ўлады пацвердзілі афіцыйна, ён загінуў 10 жніўня. 11 жніўня Следчы камітэт заявіў, што паводле факту смерці чалавека на вуліцы Прытыцкага ў Менску праводзіцца праверка, але крымінальную справу так і не распачалі.


Источник: belsat.eu

Понравилось? Отправь друзьям!


Оставить комментарий
  
Комментариев нет
Другие новости