У мудрого человека деньги должны быть в голове, а не в сердце 
Джонатан Свифт

 

 

Отзывы о банках


InfoBank.by – Все банки Беларуси  >  "АМАПавец бярэ яшчэ адну дубінку і кажа: "Усё жыццё хацеў стаць барабаншчыкам". Сведчаць пацярпелыя

"АМАПавец бярэ яшчэ адну дубінку і кажа: "Усё жыццё хацеў стаць барабаншчыкам". Сведчаць пацярпелыя

Размер шрифта:    Уменьшить шрифт  Восстановить исходный рзмер  Увеличить шрифт 
143

Ілюстрацыйнае фота з суполкі "Фатографы супраць" (t.me/Photographers_against)
 
Пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (ОМСТ) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.

29-гадовы мінчук Антон (імя зменена – заўв. рэд.) праводзіў сяброўку дадому 10 жніўня каля 21 гадзін. Маладыя людзі ехалі на трамваі па вул. Машэрава, калі туды забегла пяць супрацоўнікаў АМАП у масках.
"Яны крыкнулі мне: "С*ка, рукі наперад", пасля чаго завязалі іх фітынгамі, вынеслі з трамвая і паклалі перад міліцэйскім аўтобусам, пачалі збіваць. Потым мяне занеслі ў аўтобус, паклалі ў канцы і зноў сталі біць. У мяне ад болю гэтыя фітынгі парваліся. Я не ведаю, якая ў мяне там сіла павінна быць, каб фітынгі аж парваліся! Потым гэтыя фітынгі ў мяне ўпалі, амапавец адзін убачыў і сказаў: "Ах ты, с*ка, хацеў збегчы". І зноў пачаў мяне біць, а рукі заламаў назад", - распавёў Антон.
Нейкі час аўтобус ездзіў па горадзе, у яго закідвалі іншых затрыманых. Потым усіх перасадзілі ў аўтазак, прывезлі на Акрэсціна і на выхадзе з аўтазака прапускалі праз "калідор дубінак".
"У аўтазаку нас змясцілі ў кабінку: дзе павінны змяшчацца чалавека чатыры, нас было дзесяць. Прывезлі ў турму, выстраіўся калідор амапаўцаў з дубінкамі і пачалі крычаць: "Першы пайшоў". Я чую ўдары і як людзі ад болю крычаць. Другі, трэці, чацвёрты... я быў пяты, і мяне таксама пачалі біць, пакуль я ішоў па гэтым "калідоры". Потым паставілі на калені, галаву да сценкі і рукі за спіну, таму што былі фітынгі завязаныя.
Адзін АМАПавец бярэ ў іншага АМАПаўца яшчэ адну дубінку і кажа: "Я ўсё жыццё хацеў стаць барабаншчыкам", - і пачаў біць па нас, як па барабанах".
Пасля Антона і іншых затрыманых змясцілі ў прагулачны дворык памерам 10 на 10 метраў, з бетоннай падлогай і сценамі, з кратамі замест столі. Усяго іх было 55 чалавек у такой "камеры".
"Было дзве бутэлькі па 1,5 літра, мы папрасілі вады, міліцыянт закінуў нам паўтара літра і сказаў: "Гэта вам на суткі". Першыя двое сутак наогул нас не кармілі, не паілі. Каналізацыі не было.
Потым перавялі ў камеру, дзе "шконкі" ёсць, вада, туалет. У абед на трэція суткі далі ежу – грэчку і агурок салёны. У пяцімеснай камеры нас было 25 чалавек, далі адзін бохан хлеба на ўсіх.
Мы радаваліся, што можна было піць ваду з-пад крана. Мы проста пілі ваду, таму што хацелася есці, каб заглушыць голад".
Ноччу 10 жніўня хлопцаў выводзілі з камер і збівалі.
"Жорстка білі. Мы аж плакалі, як яны там пакутавалі. Было чуваць, што той, хто іх біў, крычаў: "Вы, с*ка, хочаце пераменаў? Я зараз зраблю вам перамены". Мы баяліся нешта нават пікнуць.
Там такія ўдары ляцелі, як быццам, бярэш палку і б'еш па мяшку з цэментам з усёй сілы, не так ледзь-ледзь, а вось менавіта з усёй сілы з-за вуха.
І амапавец крычыць: "Я, с*ка, з-за вас не сплю другую ноч, вы тут мне спакойна не даяце жыць, а не я вам".
Антон апісвае тых, хто быў жорстка збіты за сценамі ЦІП на Акрэсціна:
"Усе сінія былі: ногі, ягадзіцы, сцёгны, жываты, грудзі, спіны, галавы. У чалавека майка была белая, стала чырвоная – уся ў крыві.
У аднаго пацана быў адкрыты пералом – костка тырчала з рукі, яму проста перавязалі бінтам, усё. Другому дзецюку куляй прабіла жывот. Кажа, калі б ён не быў у тоўстай байцы і ў селязёнку трапіла б, то памёр бы. Яму рану затыкнулі ваткой і ўсё.
Калі мы сядзелі ў камеры, у аднаго пацана адабралі красоўкі, ён быў басанож цалкам. Мы як салідарныя людзі далі яму вусцілкі, шкарпэткі, каб ён хадзіў хоць неяк, і па чарзе грэліся. У аднаго хлопца майку ўсю парвалі, яна была цэлая толькі на спіне. Давалі таксама вопратку яму, каб сагрэўся. Мы па два чалавекі спалі на нарах і 15 чалавек спалі на падлозе".
Антона і яго сукамернікаў прымушалі падпісваць пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, ва ўсіх яны былі аднолькавыя: ішоў на плошчы Перамогі, выкрыкваў лозунг "Жыве Беларусь", быў затрыманы праваахоўнымі органамі.
"Казалі, калі ты не падпішаш пратакол, будзе кепска, а калі падпішаш - будзе мякчэй пакаранне: можа менш дадуць, ці ўвогуле не суткі, а штраф дадуць і адпусцяць дадому. Ну мы ўсе пагадзіліся і падпісалі".
Суды праходзілі прама ў ЦІПе і вельмі хутка – хвілін па пяць. У кабінеце сядзеў суддзя, сакратар і міліцыянт, можна было паклікаць адваката, які стаяў у калідоры.
"Але там адвакат такі, што ён наогул надзеі не выклікаў, тыпу, што ёсць чалавек, што не: ён не абараняў бы нікога. Проста далі загад – садзіць усіх у турму, штрафы нікому не даваць. Нават суддзя, калі зачытваў прысуд, мне ў вочы не глядзеў, а калі пытаўся нешта ў мяне, то глядзеў у пратакол проста".
Затрыманых тады масава асудзілі на суткі.
"Мы чакалі этапу ў Жодзіна і глядзелі ў акенца, хто заязджае: калі заязджалі вайскоўцы, то можна было ўздыхнуць з палёгкай – збіваць не будуць; калі заязджаў АМАП, то не пашанцавала – баяліся, каб не выклікалі на гэты этап, таму што там пры выхадзе з будынка зноў маглі збіваць, у самым аўтазаку – збіваць. Нам распавядалі, што ваенныя так не робяць".
Сваякі сустракаюць затрыманых, якіх адпускаюць з ЦІП. Фота TUT.BY
 
Але 14 жніўня ўсіх затрыманых пачалі выпускаць. Антон таксама выйшаў на волю:
"На выхадзе мы падпісвалі адзін дакумент, у якім абавязваліся не ісці больш на мітынгі, у адваротным выпадку будзе крымінальны пераслед. І нам абвясцілі каменданцкую гадзіну на два тыдні: пасля сямі гадзін не выходзіць на вуліцу, таму што АМАП можа забраць.
Нас сустрэлі валанцёры як быццам пераможцаў. Адразу далі паесці, цыгарэт далі, завезлі дадому. Дзякуй ім вялікі!"
Антон лічыць, што яго і іншых хлопцаў затрымалі незаконна і за гэта павінны быць пакараныя датычныя асобы.
"Гэта ўшчамляе правы чалавека, а тым больш збіваць чалавека. За што збіваць? Хай я там слаба пацярпеў: спіна сіняя была, пятая кропка, ногі, ужо ўсё прайшло. Але іншыя хлопцы... З майго горада хлопец прыехаў, распавядаў, што яму пазваночнік пераламалі.
І за гэта павінны адказваць тыя, хто вышэй сядзіць. Таму што гэта тэрор, сапраўды тэрор".

*У падрыхтоўцы матэрыялу ўдзельнічалі: Валянцін – ідэя, запіс інтэрв'ю; Юлія Янюк-Казлоўская – транскрыбацыя гуку.


Источник: spring96.org

Понравилось? Отправь друзьям!


Оставить комментарий
  
Комментариев нет
Другие новости